На галоўным фасадзе мемарыяльная дошка інфармуе, што ў гэтым доме ў 1941 -1942 гг. знаходзілася канспіратыўная кватэра падпольнай партыйнай арганізацыі Мінскага чыгуначнага вузла.

Раён вуліц Маскоўскай і Чкалава (да 1939 г. называлася Койданаўскім трактам) пачаў забудоўвацца ў апошняй трэці 19 – пачатку 20 ст. У той час тут у асноўным сяліліся служачыя і рабочыя чыгункі, жылыя дамы былі пераважна драўляныя. У канцы 1920-х – 1930-я гады на вул. Маскоўскай і прылеглых да яе вуліцах былі пабудаваны мураваныя шматкватэрныя жылыя дамы, якія захаваліся да нашага часу (вул. Маскоўская, 8, 16, зав. Дабрамысленскі, 3).

Стылістычныя асаблівасці жылога дома № 16 па вул. Чкалава таксама сведчаць, што ён будаваўся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Перыяд 1934 – 1941 гг. у развіцці архітэктуры Беларусі характарызуецца станаўленнем постканструктывісцкага стылю. Як адзначыла А.Шамрук, перыяд з'яўляецца пераходным ад канструктывізму да гістарызму пасляваеннага дзесяцігоддзя. Архітэктура гэтага перыяду дэманструе паступовае развіццё тэндэнцыі манументалізацыі і параднасці будынкаў, завершанасці восевых кампазіцый, узрастанне значэння фасада над прасторавай кампазіцыяй, павышэнне ролі вертыкальных акцэнтаў, ролі архітэктурнай дэталі. У канцы перыяду ўзмацняецца тэндэнцыя выкарыстання ордэрнай сістэмы і багатага дэкору фасадаў будынка. З'яўляецца яруснае чляненне фасадаў з уцяжарваннем ніжняга яруса рустоўкай. У жылых дамах канструктывісцкія прыёмы захоўваліся ў большай ступені. Постканструктывісцкі вобраз шматкватэрных жылых дамоў фарміраваўся накладаннем на захаваўшыйся ад канструктывізму каркас лаканічных ордэрных элементаў.

Вышэйназваныя прыкметы стылю можна аднесці да характарыстыкі жылога дома № 16. У ім архітэктура функцыяналізму вельмі ўдала спалучаецца са спрошчанымі элементамі ордэра, у выніку чаго будынак набыў манументальнасць і параднасць. Складаная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка, характэрная для канструктывісцкага стылю, тут вырашана строга сіметрычна. Сіметрычна таксама вырашаны галоўны фасад дома. У аздабленні фасада выкарыстаны руст, пілястры і лапаткі, простыя аконныя ліштвы, карнізы, цягі.

Пра першапачатковы выгляд дома дакладна не вядома. У Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі праект жылога дома не выяўлены. Не выяўлена ў вышэйназваным а таксама ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь якая-небудзь дакументацыя на яго пасляваеннае аднаўленне, таму цяжка меркаваць пра ступень і характар пашкоджанняў, якія атрымаў будынак пад час акупацыі Мінска. Хутчэй за ўсё, у пачатку 1950-х гг. жылы дом ужо быў адноўлены. Верагодна, у гэты ж час быў выкананы ляпны дэкор (арнаментаваныя паясы, вазы, дзвярны партал цэнтральнага праёма).

Будынак з'яўляецца яскравым прыкладам грамадзянскай архітэктуры постканструктывізму.