Старадаўні КАМЕННЫ КРЫЖ ДАЎГІНАЎСКІ, які мясціўся побач з дарогай Даўгінава-Вілейка ў Жарскім сельсавеце, а ў 1988 годзе перавезены ў г.Мінск спачатку ў Парк камянёў, а потым, беручы на ўвагу ягоную вялікую каштоўнасць, яго перанеслі ў будынак Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут». Валун з якога высечаны крыж складзены шэрым сланцападобным гнейсам і прынесены ледавіком у гэтыя мясціны з Фенаскандыі. Вышыня крыжа дасягае 1,73 м, даўжыня папярочыны 1,07 м, таўшчыня 20–25 см.

Долгиновский крест-идол Долгиновский крест-идол
Фото долгиновского креста-идола сделано в период расокпок археологов (1988)

Крыж мае нестандартны абрыс і ўяўляе сабой прымітыўную выяву чалавека (хутчэй за ўсё жанчыны). Вяршына крыжа дзеля сваёй таўшчыні і акругласці нагадвае «галаву», канцы папярочыны, што разыходзіцца ў бакі – «рукі». На ўзроўні рук у сярэдзіне каменя два невялікіх выступы – «грудзі». Яны часткова абабіты так, каб уяўлялі крыжападобныя знакі.

Даўгінаўскі крыж Даўгінаўскі крыж

Даўгінаўскі крыж
Фотаздымкі ГКК «Каменны крыж ІХ–ХІІІ ст.ст.», які захоўваецца ў Дзяржаўным прадпрыемстве «БелНДГРI»

Ніжэй, на «жываце» буйны пукаты знак нагадвае выяву дзіцяці. Гэтая выява сваім абрысам паўтарае агульны абрыс крыжа. На зваротным баку стода высечаны чатыры квадраты, ці злучаныя паміж сабой чатыры крыжыкі. Два знака месцяцца на ўзроўні грудзей і па аднаму насупраць сэрца і жывата.

Хутчэй за ўсё даўгінаўскі крыж гэта не проста крыж, а стод нейкага жаночага боства і таму з'яўляецца старадаўняй язычніцкай святыняй. Гэтае пацвярджаецца і выветраным станам паверхні каменя. Калі параўнаць знакі на крыжы з падобнымі выявамі на каменях, што апісаны латышскім гісторыкам Гунцісам Эніньшам, то яны адпавядаюць так званым «крыжу крыжоў, вогненнаму крыжу ці крыжу Мары». Па расказам жыхароў з в.Латгале (Латвія) такія знакі высякалі ў гонар нараджэння новый сям'і маладыя муж і жонка «каб вогненны крыж іх ахоўваў, каб ворагі не нападалі і хвароба не падкрадалася». У язычніцкія часы багіня Мара ўваходзіла ў лік старадаўніх бостваў індаеўрапейцаў. Магчыма, што яна «адказвала» пра замагільны свет, спрыяла працягу рода, апекавала жанчынаў і г.д. Але ў нашай краіне яе замагільную іпастась звязвалі з нячысцікамі і лічылі зданьню, ці злым духам, і таму абавязкі апекаваць жанчынаў, пладавітасць і ўрадлівасць перанеслі на іншыя боствы. Верагодна, што даўгінаўскі крыж рэдкі ацалелы каменны стод багіні Мары.

Сёння гэты старадаўні аб'ект пакланення і пашаны, гісторыка-культурная каштоўнасць нашай краіны КРЫЖ-ІДАЛ апякуецца «Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытутам» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь са згоды Міністэрства культуры і Рэспубліканскага Савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Захаванне крыжа-ідала ў будынку Інстытута дае магчымасць большай колькасці зацікаўленых людзей яго ўбачыць і даследаваць, што вельмі важна для такога старажытнага аб'екта. Ранейшае ягонае знаходжанне ля аўтамагістралі Вілейка-Полацк адмоўна ўплывала на стан пароды – яна паступова разбуралася і гэтае неаспрэчны факт. Акрамя таго, тое месца не было першасным – крыж перацягнуты на 300 м з раллі. Да таго ж мясцовыя жыхары лічылі, што гэты крыж з пахавання французскага генерала (!?) і ня ведалі пра сапраўднае прызначэнне і важнасць старажытнага аб'екта.

На сёння каля пяці тысячаў наведвальнікаў (толькі зарэгістраваных) агледзілі крыж-стод і атрымалі поўную інфармацыю пра гэты найцікавейшы сведак нашай мінуўшчыны. Спецыялісты з Расіі (Масква, Уладзівасток, Санкт-Пецярбург і інш.), Украіны (Кіеў), Польшчы (Варшава, Кракаў), Францыі (Парыж), Швецыі (Стакгольм) і інш. краінаў з вялікай цікавасцю ўжо вывучалі ўнікальны даўгінаўскі крыж-стод і звесткі пра нашу Беларусь праз гэтую каштоўнасць распаўсюдзіліся ў свеце.