Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца захавальнікам самага вялікага ў Беларусі збору рукапісных партызанскіх часопісаў у колькасці 248 адзінак - выданні партызанскіх фарміраванняў Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У калекцыі прадстаўлены ўнікальныя дакументальныя матэрыялы, якія сведчаць аб усеагульным характары партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта - фактычны летапіс партызанскай барацьбы, у якім асвятляецца не толькі баявая дзейнасць, але і разнастайныя аспекты ўнутраняга жыцця партызанскіх фарміраванняў.

Цэнтралізаванае збіранне першых помнікаў вайны музейнага значэння пачалося з прыняцця рашэння аб стварэнні "Камісіі па збору дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны" 2 чэрвеня 1942г. Старшынёй камісіі быў прызначаны сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Сазонавіч Гарбуноў, адказным сакратаром - супрацоўнік апарата ЦК КП(б)Б Васіль Дзям’янавіч Стальноў, які потым быў прызначаны першым дырэктарам музея.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дакументы і матэрыялы аб партызанскім руху на Беларусі, у тым ліку і партызанскія часопісы, сталі паступаць у камісію праз год. Наступны этап у зборы адбыўся пасля стварэння ў верасні 1942г. Беларускага штаба партызанскага руху і ўстанаўлення пастаяннай авіясувязі Беларусі з Вялікай зямлёй праз партызанскія аэрадромы. Першыя сабраныя экспанаты былі прадстаўлены на выстаўцы "Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе Савецкай", якая адкрылася ў ліпені 1942г. у Дзяржаўным гістарычным музее ў Маскве.

Новы этап у гісторыі збору рэліквій – Пастанова ЦК КП(б)Б ад 30 верасня 1943г. аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну. Менавіта з гэтага часу ў ЦШПР і БШПР пачынае рэгулярна паступаць рукапісны партызанскі друк аб жыцці і дзейнасці партызанаў Беларусі. З адкрыццём Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (22 кастрычніка 1944г.) усе сабраныя дакументы былі перададзены ў музейныя фонды.

На працягу 1944-1946гг. супрацоўнікамі музея была праведзена вялікая работа па збору ваенных рэліквій ( гэта і пошукавыя экспедыцыі па месцах баявых дзеянняў "народных мсціўцаў", паступленні ад былых партызанаў, падпольшчыкаў, жыхароў Беларусі). Значна папоўніўся і партызанскі рукапісны фонд. Усяго сабрана 247 адзінак рукапісных часопісаў. Іх матэрыялы ахопліваюць дзейнасць партызанаў на працягу 1941-1944гг., такім чынам, увесь перыяд барацьбы ў тыле ворага. Першыя нумары часопісаў з’явіліся ў пачатку 1942г. у Магілёўскай вобл., на працягу 1943-1944гг. – у іншых абласцях. Выданні былі перыядычнымі (штомесячнымі, двухтыднёвымі) і ў адзіным экземпляры. Вызначыць колькі часопісаў было выпушчана ў партызанскіх фарміраваннях за гады баявой дзейнасці на Беларусі не прадстаўляецца магчымым, звесткі аб іх фрагментарныя, што сцвярджаецца архіўнымі данымі, навуковымі працамі некаторых гісторыкаў - І.С.Краўчанкі, Г.Д.Кнацько.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Мэты і задачы рукапісных часопісаў былі адзінымі. Яны выступалі як органы партыйных і камсамольскіх арганізацый, камандавання партызанскіх атрадаў і брыгад. Рукапісныя часопісы з’яўляліся адной з крыніц агітацыйна-прапагандыстскай і ідэйна-выхаваўчай работы сярод партызанаў. Рэдактарамі, як правіла, назначаліся камісары атрадаў і брыгад, сакратары партарганізацый. Назвы часопісаў трапна адлюстроўваюць іх змест і назначэнне, часта супадаюць з назвай атрада ці брыгады. Арыгіналы часопісаў захоўваліся разам з дакументамі ў штабе атрада ці брыгады. З іх зместам партызаны знаёміліся па- рознаму, часцей за ўсё - чыталі ўслых па ротах, узводах. Карэспандэнтамі, аўтарамі артыкулаў, апавяданняў, старонак гумару і сатыры былі палітработнікі, байцы і камандзіры, цэлая "армія" аматарскіх народных талентаў.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Дэталёвае знаёмства з калекцыяй дае падставу сцвярджаць, што рукапісныя часопісы - гэта унікальная з’ява ў гісторыі і культуры Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, што абумоўліваецца наступнымі фактарамі:

  • выданне ў экстрэмальных умовах на акупіраванай тэрыторыі Беларусі;
  • гэта - "партызанская энцыклапедыя", як магчымасць данесці да нашчадкаў гісторыю партызанскай барацьбы;
  • крыніца агітацыйна-прапагандысцкай і ідэйна-выхаваўчай работы сярод партызанаў;
Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
  • фактычныя дакументы ўдзелу ў партызанскім руху на Беларусі замежных антыфашыстаў і шматлікіх народаў былога СССР;
  • вопыт партызанскай барацьбы на практычных і метадычных напрацоўках партызанаў у сферы барацьбы і жыцці на партызанскай вайне;
  • альманах вуснай народнай творчасці аматарскіх партызанскіх паэтаў-песеннікаў і празаікаў;
  • своеасаблівы мастацкі летапіс партызанскай вайны, дзе прадстаўлены ўвесь спектр мастацкіх стылей, відаў і жанраў унікальнай рэпартажнай графікі перыяда вайны;
  • эксклюзіўнасць рарытэтнай калекцыі (выпуск нумару ў адзіным экзэмпляры).
Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Калекцыя самаробнай партызанскай зброі з’яўляецца сапраўднай перлінай збору музея. З усіх іншых узораў зброі, як халоднай так і вагнястрэльнай, менавіта гэтыя экспанаты заўседы з’яўляюцца найбольш прыцягальнымі і каштоўнымі для сапраўдных аматараў зброі, якія могуць аддаць ім належнае.

Менавіта з самаробнай партызанскай зброі пачалася і вядомая нам гісторыя музея. У далекім 1944 годзе, годзе насычаным крывапралітнымі баямі на фронце, пара ўзораў самаробнай зброі былі адпраўлены партызанамі на Вялікую зямлю ў Маскву. Гэта былі пісталеты-куляметы, зробленыя залатымі рукамі майстроў Я.І. Цемякова і Я.А. Менкіна з партызанскай брыгады імя С.М. Будзеннага Пінскага партызанскага злучэння.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Яны прызначаліся для маршала К.Я. Варашылава і начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху генерал-лейтэнанта П.К. Панамарэнкі. Азнаеміўшыся з гэтымі прадметамі, зробленымі партызанамі ў тыле ворага, кіраўнікі прыйшлі ў захапленне. Назад да партызанаў паляцела тэлеграма, ад 21 чэрвеня 1944г.:

"Благодарю от своего имени и от имени К.Е. Ворошилова за присланные образцы автоматов. Мастерскую вашего соединения целиком сохраните для музея Отечественной войны белорусского народа".

Выраб пісталетаў-куляметаў у Пінскім партызанскім злучэнні ажыцяўляўся серыйна. Канструкцыя сістэмы Цемякова-Менкіна ўзору 1944г. па падабенству з заводскімі ўзорамі атрымала назву "ТМ-44". Гэта быў пісталет-кулямет пабудаваны па схеме аддачы вольнага затвора. Пітанне яго ажыцяўлялася з каробчатых магазінаў на 30-35 патронаў калібра 7,62х25 ТТ. ТМ-44 мелі складны металічны прыклад, які часта вырабляўся з веласіпедных рам, кожух з вадаправоднай трубы, альбо кавалкаў іншай зброі. Вараненне частак праводзілася шалупіннем цыбулі. Пайка праводзілася з дапамогаю шкла і борнай кіслаты. Дзюралюмініевыя накладкі на кажуху вырабляліся з абшыўкі збітага нямецкага самалета. Рукаяць упрыгожвалася накладкамі з рога каровы.

Людзі вайсковыя і знаемыя з вытворчасцю зброі, сапраўды маглі ацаніць цяжкасці, якія суправаджалі партызанскіх майстроў пры вырабе зброі.

А гэтыя цяжкасці былі сапраўды вялікія. У глыбокім тыле ворага, не маючы электрычнасці і станкоў для вырабу зброі, без інструментаў і абсталявання, нават без прафесійных канструктарскіх і збройных ведаў, майстры стваралі ўзоры вагнястрэльнай зброі, якія па якасці і тэхнічных характарыстыках маглі змагацца з заводскімі.

Падрыхтоўчым этапам да вырабу самаробнай зброі ў большай частцы выпадкаў быў рамонт зброі. У кожным атрадзе была зброя, якая ўжо была пашкоджана, напрыклад, падабрана на месцы летніх баеў 1941г. Чырвонай Арміі з Вермахтам. Шмат якая была пагнута, пабіта кулямі і асколкамі, пашкоджана полымем, гусеніцамі бранятэхнікі, каразавана. Таксама зброя выходзіла з баявога стану ў баях партызанаў з немцамі ад дрэннага догляду і баявых пашкоджанняў. За рамонт зброі браліся людзі, якія мелі вопыт працы з металам – слясарны, кавальскі, гадзіннікавы і інш. Ад легкага рамонту паступова пераходзілі да складанага. Пасля таго, як майстры прызвычаіліся вырабляць асобныя часткі для заводскай зброі, паступова пачаўся працэс асмыслення магчымасцяў вырабу зброі цалкам.

Выраб самаробнай зброі быў даволі распаўсюджаны ў буйных партызанскіх брыгадах і атрадах. Гэтая з’ява звычайна ўзнікала як самастойная творчая актыўнасць і пошук асобных партызанаў, якія бралі на сябе смеласць узяць адказнасць вырабіць узор самаробнага пісталета-кулямета, без гарантыі на перамогу. Гэта была рызыка, на якую ішлі па сваей волі асобныя майстры. Пасля поспеху і дэманстрацыі прататыпа, які добра працаваў, камандаванне ішло насутстрач гэтым майстрам і дапамагала ім у стварэнні спецыялізаваных майстэрань па вырабу зброі.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Такія майстэрні насычаліся працоўнымі, якія мелі вопыт працы з металам і, у некаторых выпадках, са зброяй. Неабходна падкрэсліць, што большая частка майстроў ніколі раней не займалася зброяй ні тэарэтычна, ні практычна. Нам вядомы толькі адзін з майстроў, які меў прафесійны вопыт працы са зброяй – ваентэхнік другога ранга Я.І. Цемякоў.

Акрамя людзей кіраўніцтва атрадаў старалася забяспечыць майстэрні неабходнымі для працы матэрыламі і інструментамі. З матэрыяламі звычайна не было прынцыповых праблем. Для вырабу выкарыстоўваўся самы розны металалом, які мог знайсціся ў весках, а таксама здабыты партызанамі на дыверсіях супраць немцаў. Самыя адказныя часткі зброі – наразныя ствалы здабываліся з кавалкаў ствалоў ад пашкоджанай і не працуючай заводскай зброі – вінтовак Мосіна, куляметаў ДП-27, ДТ-29 і іншых, якія мелі калібр 7,62 мм. Для вырабу затворнай рамы і крышкі – дэталі, унутры якой рухаецца затвор, выкарыстоўвалася любое ліставое жалеза таўшчыней 0,8-1,2 мм. Гэта маглі быць патронныя скрыні, бензінавыя бочкі і інш. У некаторых выпадках маглі выкарыстоўвацца водаправодныя і іншыя стальныя трубы рознай таўшчыні. Затвор (дэталь, якая рухаецца ўзад і ўперад і падае патроны ў патроннік, запірае канал ствала ў момант стрэлу і выцягвае стрэляныя гільзы) вырабляўся з цыліндрычных кавалкаў металу - часта гэта былі восі ад узарваных аўта- і бронемашын.

Спружыны неабходныя для дзеяння аўтаматыкі зброі, вырабляліся з самага рознага дроту – гэта маглі быць кавалкі дроту з аўтапакрышак, аплеткі сядзенняў самалета, стропаў паветранага шара-радыязонда, збітага партызанамі, і інш.

Прыклады вырабляліся з металу, у тым выпадку, калі гэта быў складны прыклад, і з дрэва - для пастаянных. Часцей за ўсе гэта была бяроза і клен, а гэтай драўніны, як пісаў ва ўспамінах майстар з партызанскай брыгады "Гроза" Віцебскай вобласці В.М. Далганаў, у лесе хапала партызанам.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Пісталет-кулямет сістэмы Далганава з’яўляецца выдатным узорам канструктарскага генія простага чалавека, які не меў спецыяльных збройных ведаў. Сістэма ўзвода затвора, якая была распрацавана і ажыцяўлена В.М. Далганавым, практычна не мае аналагаў у свеце. Падобнымі да яго з’яўляюцца сістэмы фінскага "Суомі" і аўстрыйскага МР-34. В.М. Далганаву ўдалося стварыць больш тэхналагічную і простую сістэму, пераўзысці прафесійныя канструктарскія калектывы Фінляндыі і Аўстрыі.

Яшчэ адна надзвычай арыгінальная і каштоўная сістэма ўзводу затвора была распрацавана майстром М.С. Сяргеевым з партызанскай брыгады "Разгром" Мінскай вобласці. Аналагаў гэтай сістэме аўтаматыкі ў свеце не існуе. Майстру ўдалося стварыць адзін з арыгінальных варыянтаў вырашэння важнай праблемы, над якой і дагэтуль змагаюцца шмат якія кантсруктарскія калектывы ў свеце. Гэта праблема памяншэння габарытаў зброі, пры захаванні баявых якасцей і балансу. Надзвычай смелае і нікім дагэтуль не выкарыстанае рашэнне М.С. Сяргеева заключалася ў перанясенні рукаяці ўзвода затвора з боку затворнай каробкі на ствол і злучэнне яе з другой дэталлю – мушкай. Такім чынам мушка станавілася і прыцэльным прыстасаваннем і рукаяткай узвода затвора. Эканоміліся габарыты і змяншалася колькасць дэталей.

Нельга не адзначыць важную ролю ў распаўсюджванні вырабу самаробнай партызанскай зброі дзейнасць майстэрні партызанскай брыгады "Разгром" Мінскай вобласці, і яе стваральніка і першага кіраўніка П.У. Чыгрынава. Ужо ў жніўні 1942г. было арганізавана прадпрыемства з раздзяленнем працы па вырабу пісталетаў-куляметаў сістэмы Шпагіна. У майстэрні працавалі акрамя П.У. Чыгрынава сем чалавек. З лета 1942г. да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі, па сведках самога П.У. Чыгрынава, у майстэрні быў выраблены 181 пісталет-кулямет розных сістэм. Трэба ўлічваць, што гэтая майстэрня, як і ўсе астатнія, займалася не толькі вырабам зброі, але і шматлікімі іншымі патрэбнымі партызанам справамі. Гэта і рамонт пашкоджанай стралковай зброі, і выраб халоднай, і падрыхтоўка фугасных мін рознага тыпу дзеяння, выраб альбо пераробка ўзрывальнікаў. Дзейнасць майстэрні не змаглі спыніць спробы немцаў знішчыць выраб зброі з дапамогай бамбардзіровак.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Адзін з самых цікавых прадметаў зброі, вырабленых П.У. Чыгрынавым, безумоўна з’яўляецца пісталет-кулямет, які ен падарыў сваей дачцы Тамары, якая была партызанкай у тым жа атрадзе. Гэтая канструкцыя з’яўляецца палепшаным і аблегчаным пісталетам-куляметам сістэмы Шпагіна. Пры захаванні баявых якасцей, майстру ўдалося стварыць зброю зручную і прыдатную для дзявоцкіх рук.

Гэта першы з вядомых нам буйных цэнтраў па стварэнню самаробнай зброі ў Беларусі. Паспяховы вопыт арганізацыі і раздзялення працы спрыялі развіццю вырабу зброі ў іншых атрадах і брыгадах. Майстэрня Чыгрынава стала таксама своеасаблівымі курсамі па падрыхтоўцы майстроў па вырабу самаробнай зброі. У майстэрню рэгулярна прыязджалі іншыя майстры-збройнікі для практыкі і вопыту. Яны забяспечваліся дапаможным матэрыялам - чарцяжамі і шаблонамі асобных частак і дэталяў зброі і нават асобнымі дэталямі, якія яны самі не маглі вырабіць. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што гэтая майстэрня да 1943г. была забяспечана некаторай аўтаматызацыяй працы. Гэта былі станкі, якія прыводзіліся ў дзеянне з дапамогай конных ці ручных прывадаў і мускульнай сілы партызанаў.

Такім чынам, на другім этапе развіцця справы вырабу зброі партызанамі, ініцыятыва па стварэнню майстэрань перайшла ад асобных партызанаў да кіраўніцтва брыгад, якое ўсведаміла значную каштоўнасць і магчымасць вырабу зброі.

Асобнай старонкай у гісторыя самаробнай партызанскай зброі з’яўляецца выраб вінтовачных гранатаметаў як сродка агнявой падтрымкі.

Магчыма выдзяліць перыядызацыю па стварэнню партызанскай самаробнай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Першы этап "рамонтны" – пачатак-канец 1942г. супадае па храналогіі з распаўсюджваннем партызанскага руху і стварэннем арганізаваных атрадаў. Майстры займаюцца рамонтам пашкоджанай зброі і вырабам асобных частак да яе. Пошук і папаўненне матэрыяльнай базы інструментамі, матэрыяламі, прыстасаваннямі. Стварэнне майстэрань пачынаецца "знізу" – па ініцыятыве саміх майстроў.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Другі этап "капіраванне" – канец 1942г.- лета 1943г. – супадае па храналогіі з павелічэннем атрадаў і стварэннем з іх буйных брыгад і злучэнняў. Ва ўжо ўтвораных майстэрнях пачынаецца капіраванне заводскіх узораў пісталетаў-куляметаў. Гэта – ППД-40 сістэмы Дзегцярова, ППШ-41 сістэмы Шпагіна, ППС-43 сістэмы Судаева. Працягваецца збор інструментаў, асобныя майстэрні набываюць станкі – для павышэння эфектыўнасці працы.

Трэці этап "крэатыўны" – сярэдзіна 1943г. – сярэдзіна 1944г. Найбольш актыўны перыяд у гісторыі стварэння самаробнай зброі. Майстэрні па вырабу і рамонту зброі есць у шмат якіх атрадах і брыгадах. Некаторыя майстры адыходзяць ад капіравання заводскіх узораў зброі і пачынаюць распрацоўваць уласныя канструкцыі. Пры гэтым выпуск зброі значна павялічваецца, самаробныя майстэрні пастаянна нарошчваюць выпуск зброі да самага вызвалення Беларусі ў час аперацыі "Баграціен".

Значнасць самаробнай зброі для партызанаў цяжка пераацаніць. Самаробная зброя – гэта была, амаль заўседы, зброя аўтаматычная – пісталеты-куляметы з вольным затворам, якія выкарыстоўвалі пісталетныя патроны калібра 7,62 мм. Гэтая зброя выраблялася таму, што менавіта аўтаматычнай зброі катастрафічна не хапала партызанам. Асаблівасці партызанскай барацьбы значна адрозніваюць тактыку бою партызанаў ад тактыкі бою рэгулярных армейскіх злучэнняў. Аснова партызанскай тактыкі – метад "удар і адыход" патрабуе значнай інтэнсіўнасці стралковага агню на невялікі час. Вынікі бою могуць быць вырашаны за некалькі хвілін. І значную ролю іграе хуткастрэльнасць зброі. Асноўная маса партызанаў была ўзброена магазіннымі 5-зараднымі вінтоўкамі. Але з іх у хвіліну можна было стрэліць не больш за 20-30 разоў. З пісталета-кулямета можна страляць у 3-5 разоў больш.

Разуменне тактыкі партызанаў дае нам разуменне вялікай значнасці для іх самаробных пісталетаў-куляметаў. Можна сцвярджаць, што поспехі ў значнай колькасці баявых аперацый партызанаў сталі магчымымі толькі дзякуючы інтэнсіўнаму агню самаробных пісталетаў-куляметаў.

Можа падацца, што роля самаробнай зброі значна перабольшана, але пры аналізе справаздач партызанскіх брыгад у Беларускі штаб партызанскага руху мы атрымліваем інфармацыю, што ў асобных атрадах і брыгадах доля самаробнай зброі займае ад 30 да 60 % ад усіх пісталетаў-куляметаў, якія меліся на ўзбраенні.

Асобныя ўзоры самаробнай зброі маюць важнае значэнне ў сусветнай сістэме збройнага мастацтва. Гэта – канструкцыі зброі, распрацаваныя ўласна самімі майстрамі. Некаторыя з гэтых узораў маюць арыгінальныя схемы дзеяння і канструктыўныя вузлы, якія не маюць аналагаў сярод тысяч узораў зброі ў свеце. Гэтыя цікавыя распрацоўкі беларускіх партызанаў маглі бы быць запатэнтаваны ў 1944-1945гг. пры часе і жаданні майстроў і дзяржавы.

Экспанат Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Па стылявым і дызайнерскім рашэнням партызанскіх збройнікаў у асобных вузлах канструкцый, у эрганоміцы зброі, ў афармленні і вырабу пісталетаў-куляметаў, іх можна далічыць да каштоўных узораў збройнага мастацтва.

Калекцыя самаробнай партызанскай зброі з’яўляецца гістарычным сведкам вялікай трагедыі нашай краіны і адлюстраваннем намаганняў барацьбы супраць ворагаў, усіх, хто змагаўся за волю Беларусі ў партызанскім руху у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945гг.