Паверыць у тое, што ў наступны панядзелак Беларускаму дзяржаўнаму цырку стукне 60 — амаль немагчыма. Ён асацыюецца з тлумнай гурбою дзятвы, а зусім не з пенсіянерскім векам. Хаця колькі ўжо пакаленняў той дзятвы пабывала на яго імпрэзах — і вярнулася сюды з унукамі! Таму цырку наканавана заставацца ў ролі вечнага юнака.

Першы стацыянарны цырк адкрыўся ў Мінску на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Будынак неаднаразова "падарожнічаў" па горадзе, пакуль у Гарадскім садзе (сёння Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага) не быў узведзены цырк-шапіто. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яго разбурыла фашысцкая авіяцыя. Будаваць новы стацыянарны цырк пачалі ў 1954-м — ужо амаль на беразе ракі Свіслач, і 11 лютага 1959 года на яго арэне было дадзена першае прадстаўленне.

Пра мінулае і сучаснае Белдзяржцырка мы гутарым з яго дырэктарам Уладзімірам ШАБАНОМ. І гутарка наша выйшла не толькі "юбілейная"…

— Уладзімір Анатольевіч, а ці захоўваюць вашы аналы нейкія падрапбязнасці таго дня — 11 лютага 1959-га?

— Дакладна вядома тое, што першую праграму Белдзяржцырка дапамагаў ставіць расійскі акрабат-асілак Яўген Мілаеў, які па 1960 год з’яўляўся і мастацкім кіраўніком беларускага калектыву. У гісторыю Яўген Цімафеевіч увайшоў яшчэ і тым, што быў мужам Галіны Брэжневай — дачкі будучага Генеральнага сакратара ЦК КПСС. З тых часоў цырк толькі аднойчы закрываўся — на капітальны рамонт і рэканструкцыю з 2008-га па 2010-ты гады. У нашым музеі ёсць фатаграфія, якая можа быць аднесена да дня адкрыцця, але гэта не дакладна. На жаль, больш нічога не захавалася. Ды і нікога з артыстаў, што прымалі ўдзел у тым прадстаўленні, хутчэй за ўсё, ужо не засталося ў жывых.

— Дзіўна: мiнскі цырк народам любім, на яго прадстаўленні з’язджаюцца з усіх куткоў краіны, а папрасі ў мінака назваць айчыннага цыркавога артыста — добра калі адзін з дзесяці чалавек назаве. У краінах СНД стаяць помнікі савецкім цыркавым — напрыклад, клоўнам Леаніду Енгібараву, Юрыю Нікуліну, Міхаілу Шуйдзiну. Ёсць такі і ў Беларусі, у Гомелі, але не беларускаму артысту, а Карандашу! Або такое: для мяне Вялікі маскоўскі дзяржаўны цырк звязаны, скажам, з прозвішчам Запашны, Маскоўскі цырк Нікуліна на Цвятным бульвары — натуральна, з Юрыем Уладзіміравічам. А беларускі... Чаму так?

— Па логіцы, калі прайшло ўжо столькі гадоў, павінна было б ужо вырасці не адно дынастыйнае пакаленне беларускіх цыркавых. І яны ёсць, але вельмі мала — не ведаю, з якой прычыны. Але нават і гэтыя імёны не грукочуць па ўсёй краіне. Хто тут сфармаваўся і стаў падмуркам нашага цырка? Дынастыі Туманавых, Лазаравых... І сённяшняя трупа наша моцная, вялікая — за 60 чалавек — складвалася яна не адзін год. Хацелася б, вядома, каб было хоць бы два — тры імя, з якімі ў любога жыхара нашай краіны асацыяваўся Белдзяржцырк. Але гэтая "бяда" не толькі наша. Скажам, гісторыя французскага цырка звязана, перш за ўсё, з сям’ёй Буглiёнаў — і, мабыць, усё на гэтым.

— А які ён — цяперашні беларускі цырк?

— І 60 гадоў таму, і цяпер мы прапагандуем цырк класічны. Што гэта такое ўвогуле? Яркія трукі, добры падбор жывёл, выдатныя блазны. Вось тры кіты, на якіх ён стаіць.

— Але ж з блазнамі, наколькі я ведаю, праблемы ў Белдзяржцырка ёсць...

— Так. Гэта вельмі цяжкі жанр. Працаваў у нас вельмі нядрэнны "дыванны", але ў вынiку пэўных слабасцяў характару яго давялося звольніць. Не так даўно мы ўзялі аднаго цікавага 17-гадовага юнака, ён набірае рэпертуар і досвед. Паглядзім, што з яго выйдзе.

— Што, на ваш погляд, выбірае беларуская публіка: класіку, або, умоўна кажучы, Цырк дзю Салей?

— Класіку. Яна, калі так можна выказацца, у генах нашай публікі. Людзі на ёй выраслі, яе палюбілі, і перадаецца гэтая прыхільнасць з пакалення ў пакаленне. А Цырк дзю Салей — гэта ж не толькі цырк як такi. Гэта шоу, у якое разам з цыркавымі нумарамі ўключаны чыста спартыўныя. У ім выступаюць і драматычныя артысты, і музыканты-інструменталісты, і спевакі, шмат што будуецца на тэхнічных візуальных, светлавых і гукавых эфектах. І там няма жывёл. Па вялікім рахунку, наш глядач такі "цырк" не прыняў: яго гастролі ў Беларусі праходзілі, мякка скажам, не надта ўдала з пункту гледжання напаўняльнасці залаў. Прычым настолькі, што невядома, ці прывязуць яшчэ. А вось наша класіка ў свеце запатрабаваная. Здавалася б, Кітай якіх толькі прадстаўленняў ні бачыў — а тамтэйшыя імпрэсарыа просяць ледзь не ўсю беларускую праграму да іх прывезці. Мы аддамо ім, але толькі тры — чатыры нумары, бо фінансава цэлую праграму нам везці не выгадна.

— У снежні ж вы таксама справілі свой юбілей — пяцігоддзе кіраўніцтва Белдзяржцыркам. Што залічваеце да вашых безумоўных поспехаў на гэтай пасадзе?

— Мядзведзяў! У цэлым з жывёламі і да мяне ў цырку ўсё ішло нармальна, але мне хацелася, каб і касалапыя ў нас з’явіліся. Сёння яны ёсць.

— І на гэтым усё?

— Можна шмат пералічваць нашы агульныя дасягненні. На другі год маёй працы ў цырку мы запусцілі нацыянальную праграму, пра якую нас увесь час пыталіся: прадстаўленне толькі з беларускімі артыстамі, з сюжэтам, звязаным з беларускай міфалогіяй, з касцюмамі з беларускім арнаментам, з музыкай, якую напісаў беларускі кампазітар Дзмітрый Фрыга, стылізаванай пад аўтэнтыку і з беларускімі матывамі.

Што яшчэ? Да нас пацягнулася цікавая моладзь з цыркавых студый Беларусі. Не толькі за мяжу едуць таленты, а ўсё больш застаюцца і на радзіме, бо пераканаліся, што ім і тут ёсць дзе развівацца — у вялікім цырку ўмовы для гэтага неблагія, тут можна будаваць кар’еру. А пасля — так, можна спрабаваць сябе рэалізаваць і дзе-небудзь за мяжой, што абсалютна нармальна.

За пяць гадоў створана 21 праграма. Не заўсёды яны збіралі аншлагі, але правальных сярод іх дакладна не было. Мы ўвайшлі ў Еўрапейскую цыркавую асацыяцыю, мэтай дзейнасці якой з’яўляецца аб’яднанне еўрапейскіх цыркаў, падтрымка і захаванне цыркавога мастацтва як часткі еўрапейскай культурнай спадчыны. Гэта прэстыжная некамерцыйная арганізацыя, якая складаецца з 130 вядучых цыркаў. А патрапілі мы ў яе — без усялякага кандыдацкага стажу — па выніках Першага мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, які адбыўся ў верасні 2017 года. Пасля яго заканчэння віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла, член журы мінскага форуму Урс Пiлц даў яму найвышэйшую адзнаку і сказаў, што будзе рэкамендаваць нас для ўступлення ў асацыяцыю ў самыя кароткія тэрміны. Гэта значыць, па меншай меры, у Еўропе нас сёння ведаюць яшчэ лепш, і для любога сусветнага цыркавога артыста выступіць на нашай арэне лічыцца за гонар.

З гаспадарча-фінансавых дасягненняў — да нас адышоў будынак інтэрната на вуліцы Інтэрнацыянальнай, якi быў цалкам адрамантаваны — за кошт нашых сродкаў. Купілі невялікі самазвал "МАЗ", нямецкі аўтамабіль, з якога зрабілі груза-пасажырскую машыну, легкавік — для прадстаўнічых мэтаў. Сярэдні заробак супрацоўнікаў цырка (артыстаў, адміністрацыйнага і працоўнага персаналу) на сёння складае 900 рублёў.

— Выдатна, калі заробак расце, але вы паднялі кошты і на ўваходныя білеты...

— Да снежня білет на верхні крайні шэраг — гэта 90 пасадачных месцаў — каштаваў 3 рублі. Цяпер — 5... У нас 24 цэнавыя паясы, разлічаныя на ўсе сацыяльныя групы. Хтосьці можа дазволіць сабе сядзець у ложы — з адпаведным сэрвісам — за 75 рублёў. Іншы выбірае варыянт бюджэтны. Гэта нармальна. А колькі мы далі дабрачынных прадстаўленняў — для дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў, сірот, інвалідаў, малазабяспечаных?

— А што за гэтыя пяць гадоў не ўдалося ажыццявіць?

— Стварыць ветэранскую арганізацыю, якая адсочвала б жыццё былых работнікаў цырка і была б у курсе іх патрэб. Але артыстаў такіх, якія засталіся ў Мiнску — па пальцах адной рукі можна пералічыць. Таму... Не, ад ідэі такой зусім не адмовіліся: думаем, як бы яе рэалізаваць правільней.

— На адной з нашых папярэдніх сустрэч гаворка заходзіла і пра тое, што ёсць надзея на адкрыццё спецыяльнасцяў па падрыхтоўцы артыстаў і рэжысёраў цырка ў нашых ВНУ культуры…

— Надзеі імі і засталіся. ВНУ нашу ідэю не падтрымалі. Усё яшчэ хочацца сказаць — пакуль не падтрымалі. Адна з прычын гэтага — там асцерагаюцца, што не будзе забяспечаны належны набор, а ўтрымліваць спецыяльнасці "непапулярныя" ім сэнсу няма.

— Якіх чакаеце падарункаў на юбілей цырка? І што ён падорыць нам, гледачам?

— Мы і самі прэміруем сваіх работнікаў, і іншыя падключацца да гэтага: напрыклад, розныя прафсаюзныя арганізацыі, нейкім чынам заахвоціць супрацоўнікаў цырка Дзяржаўны памежны камітэт, з якім у нас вельмі добрыя адносіны, Упраўленне культуры Мінгарвыканкама. Наогул плануецца вельмі шмат узнагароджанняў, якія будуць чаргавацца з цыркавымі нумарамі на вячэрняй урачыстай імпрэзе 11 лютага.

А гледачам мы ўжо пачалі дарыць падарункі. 1 лютага стартавала новая, юбілейная праграма "Цудоўны дом". Яна вельмі разнастайная: там і канатаходцы, і жанглёры, і эквілібрысты, і дрэсіраваныя коні, і мядзведзі, і сабакі, і насухі, і марскія жывёлы... На манежы можна ўбачыць і нашу свежую кроў: нумары "Паветраныя гімнасткі на трапецыях" пад кіраўніцтвам Анастасіі Дончанка (проста шыкоўны: такіх трукаў, не пабаюся гэта заявіць, у свеце нідзе няма!) і "Акрабаты на батуце" пад кіраўніцтвам Аляксея Яцкоўскага; выдатную работу "Паветраныя гімнасты на рамянях" пад кіраўніцтвам Максіма Вінаградава.

А сярод гасцявых нумароў хачу адзначыць "Паветраных гімнастаў" пад кіраўніцтвам Алішэра Аліева — яго калектыў з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных конкурсаў, а нумар, за які ён атрымаў "Срэбнага льва" ў Монтэ-Карла, рыхтаваўся, між іншым, на пляцоўцы Белдзяржцырка!

— А калі стартуе Другі мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва?

— 18 верасня. У нашых замежных калегаў з усіх кантынентаў цікавасць да яго велізарная! Чакаць засталося нядоўга. І ласкава запрашаем да нас: дзверы цырка адчыненыя для ўсіх!

 

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"